Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны раёна

23 красавіка 2021

Тут спяць партызаны, беларускія сыны. На Мастоўшчыне распачаты работы па добраўпарадкаванні партызанскіх могілак ля вёскі Дубраўка

 На Мастоўшчыне распачаты работы па добраўпарадкаванні партызанскіх могілак ля вёскі Дубраўка.

“Партызанскія могілкі? А што, у нашым раёне ёсць такія?” – пытаннем на пытанне адказвалі многія нашы суразмоўцы. Так, на жаль нямногія жыхары раёна ведаюць, што на тэрыторыі Курылавіцкага сельсавета (раней  гэта быў Азёркаўскі сельсавет), у лесе, за тры кіламетры ад вёскі Дубраўка, размешчаны партызанскія могілкі ці, па афіцыйных дакументах, брацкая магіла партызан і ахвяр фашызму. А таму адпраўляемся ў дарогу, каб расказаць нашым чытачам пра памятнае месца.

Амаль шэсцьдзесят кіламетраў на ўсход ад Мастоў, і мы ў невялічкай вёсцы Дубраўка, што размясцілася на левым беразе ракі Шчара пры ўпадзенні ў яе рэчкі Луконіца. На ўскрайку – старыя разложыстыя дубы, сведкі трагічных і гераічных падзей, што адбываліся на гэтай зямлі. У сямідзесятых гадах у вёсцы пражывала 140 жыхароў, а зараз засталося тры.












Зварочваем у лес –  і лясная дарога прыводзіць нас на партызанскія могілкі. Тут не прынята моцна размаўляць і нават птушкі, здаецца, спяваюць у гэтым месцы ўпаўголаса. Тужлівая і самотная цішыня... І толькі стромкія хвоі, як верныя вартавыя вечнага спачыну тых, хто паклаў галаву за наш сённяшні мірны дзень, ціха перашэптваюцца між сабой, быццам хочуць штосьці расказаць. Паведаміць, як ваявалі ў навакольных лясах партызаны, пры якіх абставінах загінулі, як ушаноўвалі іх памяць мясцовыя жыхары...












Больш за шэсць дзясяткаў магіл – партызан, якія загінулі ад рук фашысцкіх акупантаў, ахвяр з ліку мірных жыхароў, закатаваных гітлераўцамі, а таксама стэла, устаноўленая ў знак пашаны ў канцы 50-ых гадоў, на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца справай гонару старшыні Курылавіцкага сельвыканкама Сяргея Каспяровіча. У дадзены час ён кантралюе работы па ўборцы тэрыторыі ад паваленых снегападам і старых дрэў (гэта добра відаць на фотаздымках).












– На некаторых магілах у свой час былі ўстаноўлены надмагільнікі з прозвішчамі і імёнамі жыхароў Мастоўскага і Зэльвенскага раёнаў, – расказвае Сяргей Валяр’янавіч, які пагадзіўся стаць на некаторы час нашым экскурсаводам і правадніком. – Ёсць некалькі дзясяткаў магіл без прозвішчаў – відаць, не ведалі, ці, можа, па якой іншай прычыне не ўказалі. Зараз ужо цяжка сказаць, што тут адбывалася. Ёсць магіла, дзе пахавана цэлая сям’я, а іх імёны выбіты на каменным надмагільніку, і калі прыгледзецца –  можна прачытаць.

Сапраўды, калі сонца хаваецца за хмару, на шэрым камяні можна разабраць літары і словы: Аляксандр, Надзя, Тоня, Мікалай...












А крыху далей заўважаем надмагільнік з фотаздымкам, з якога пазірае прыгожы малады юнак у форме чырвонаармейца. Аказваецца, тут ваяваў і загінуў Зафар Гадзімаў, ураджэнец Азербайджанскай рэспублікі. Па сведках, яго родныя прыязджалі сюды, каб ушанаваць памяць мужнага продка.

Па словах старшыні сельвыканкама, штогод прыбіраюць тут тэрыторыю і наводзяць парадак школьнікі Курылавіцкага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Так як могілкі размешчаны на мяжы двух раёнаў – Мастоўскага і Зэльвенскага – шчыруюць тут і зэльвенцы. Яшчэ раней, калі строй ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны налічваў некалькі дзясяткаў чалавек, наведвалі гэтае месца і франтавікі абодвух раёнаў, каб у смутку схіліць галовы перад памяццю загінуўшых.












Зразумела, што час не ідзе на карысць памятнаму месцу. Таму сёлета  было прынята рашэнне раённай улады па яго добраўпарадкаванні. Прычым свой уклад унясуць як мастаўчане, так і зэльвенцы.

 

З першых вуснаў

Марына ДАВЫДЗІК,  

намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама:

– Маецца дамоўленасць, што дарожку да стэлы і агароджу вакол могілак будуць рамантаваць работнікі СВК “Галынка” Зэльвенскага раёна.

На астатніх работах будуць заняты калектывы Мастоўскага раёна: РУП ЖКГ, КСУП “Азяранскі”. Свой пасільны ўклад у агульную справу ўнясе і  ААТ  “Мастыцепламантаж”.

Будуць прыведзены ў парадак усе магілы, дзе патрэбна, устаноўлены надмагільнікі і таблічкі. Таблічкі з імёнамі ўсіх загінуўшых і пахаваных тут, у тым ліку і невядомых з адпаведным надпісам, з’явяцца і на стэле.

У дадзены час тэрыторыю ачышчаюць ад дрэў.

Плануецца, што 22 чэрвеня 2021 г., у 80-ую гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, тут пройдзе раённы мітынг. Таму ўсе работы павінны завяршыцца да гэтай даты.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Зара над Нёманам"