Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Мастоўскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.11.2020

Як дасягнуць поспеху і чаму аграному нельга памыляцца, ведае малады аграном закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”

Сёлетні сельскагаспадарчы год для агранома закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” Аляксея Крупіцы выдаўся надзвычай напружаным і паспяховым адначасова. Першы год працы ў гаспадарцы праверыў яго прафесійныя веды, арганізатарскія здольнасці і прынёс поспех у раённым конкурсе па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Аграному, як і сапёру, у яго прафесійнай дзейнасці памыляцца нельга, упэўнены аграном па корманарыхтоўцы ЗАТ “Гудзевічы” Аляксей Крупіца. Памылкі ў агранаміі дорага каштуюць – гэта можа дрэнна адбіцца на будучым ураджаі, а значыць, і на выніках гаспадарчай дзейнасці ўсяго сельгаспрадпрыемства. Так што падводзіць калег і ўвесь калектыў аграном права не мае. Сёлета Аляксей, апярэдзіўшы сваіх больш вопытных калег і стаўшы пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў, даказаў, што здольны рашаць складаныя задачы аператыўна і дастаткова паспяхова. Наш суразмоўца родам з аграгарадка Гудзевічы. Тут скончыў мясцовую школу, атрымаў урокі адказных адносін да справы, умення пераадольваць цяжкасці, працавітасці і стараннасці ад сваіх бацькоў. Менавіта яны перадалі сыну сваю любоў да роднай зямлі і аграгарадка, сталі прыкладам добрасумленнай працы ў сельскай гаспадарцы, узорам гаспадарлівасці, беражлівасці, акуратнасці, дасціпнасці, якімі заўсёды славіліся вяскоўцы. – Я з самага дзяцінства бачыў, як працуюць бацькі: мама Алена Іванаўна – на свінакомплексе, а бацька Уладзімір Рыгоравіч  – механізатарам. Дапамаў ім у хатніх клопатах, па гаспадарцы і марыў стаць аграномам, – расказвае Аляксей. – Таму калі прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, пытанняў не ўзнікла: для далейшай вучобы быў абраны Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Трэба дадаць, што гэтую ж навучальную ўстанову па прафесіі аграном закончыла і малодшая сястра Аляксея Тамара, якая працуе ў пладовым садзе ў Шчучынскім раёне. Атрымаўшы адукацыю па спецыяльнасці “Агранамія”, Аляксей адправіўся спасцігаць асновы прафесіі ў Воранаўскі раён. Два гады на пасадзе агранома-семенавода ў адной з лепшых гаспадарак Воранаўшчыны сталі адпраўной кропкай у працоўнай кар’еры маладога спецыяліста. Тут ён атрыманыя веды ўмела замацоўваў на практыцы, вучыўся працаваць з людзьмі, прыслухоўваючыся да мудрых парад сталых калег. Пасля абавязковай адпрацоўкі прыняў рашэнне вярнуцца на сваю малую радзіму, у аграгарадок Гудзевічы. З такім раскладам пагадзілася і жонка Аляксея, з якой яны пазнаёміліся падчас вучобы ва ўніверсітэце. Пакуль што яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. – У ЗАТ “Гудзевічы” мне прапанавалі пасаду агранома па кормавытворчасці. Ад гаспадаркі мы атрымалі добраўпарадкаванае жыллё. І праца, і адносіны ў калектыве мяне задавальняюць, – працягвае свой расказ Аляксей. –  З аднаго боку, працаваць прасцей, бо я мясцовы, а з другога, у гэтым і складанасць, бо ў падначаленых, нярэдка, твае аднавяскоўцы, сябры-равеснікі і сталыя работнікі, якія старэйшыя за цябе на дзясяткі гадоў. Зараз, па заканчэнні сельскагаспадарчага года, спраў у агранома паменшылася. А вось вясна, лета і першая палова восені ў Аляксея Крупіцы былі напружанымі. Самі лічыце: зялёны канвеер усёй гаспадаркі быў у зоне ўвагі маладога спецыяліста. Тут спатрэбіліся і практычныя навыкі, і веданне новых тэхналогій, і арганізатарскія здольнасці, а таксама ўменне ладзіць з людзьмі. Але вынік ёсць, і ён значны: у бягучым годзе ў ЗАТ “Гудзевічы” нарыхтавалі каля 28 тысяч тон сенажу і прыкладна столькі ж сіласу. Гэта лепшы паказчык у раёне, за які сярод спецыялістаў сельгасарганізацый, адказных за нарыхтоўку кармоў, Аляксей Крупіца быў узнагароджаны Дыпломам Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй. – Лічу, што гэта ацэнка дзейнасці ўсіх спецыялістаў і работнікаў нашай гаспадаркі, што працавалі сёлета на корманарыхтоўцы, – адзначае наш суразмоўца. – Канешне, гэта вельмі прыемна і пачэсна: атрымаць узнагароду з рук кіраўніка раёна, але і не менш адказна, бо на наступны год ты мусіш зноў быць у лідэрах, так сказаць, трымаць марку, на што мы і нацэлены. Па матэрыялах сайта раённай газеты “Зара над Нёманам”