Афіцыйны сайт
19 верасня 2018

Выдавецкі дом “Звязда” прадстаўляе...

12 верасня прадоўжыў свой шлях БІБЛІЯКАРАВАН “Кнігі будуюць МАСТЫ”, які арганізаваны ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”. На поўных ветразях БІБЛІЯКАРАВАН накіраваўся ў “Праліў «Літара»”, дзе адбылася літаратурна-творчая сустрэча з прадстаўнікамі Выдавецкага дома “Звязда”. 
 Выдавецкі дом “Звязда” – найбуйнейшая беларуская рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова, заснаваная ў лістападзе 2012 года, якім кіруе Сухарукаў Павел Якаўлевіч, наш зямляк, выпускнік сярэдняй школы №1 г. Масты (цяпер гэта гімназія №1). На сустрэчу з чытачамі прыехалі беларускія пісьменнікі, паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Мазго Уладзімір (пісьменнік, паэт, нам. гал. рэдактара часопіса “Неман”), Мальчэўская Алена (дзіцячая пісьменніца, гал. рэдактар часопіса “Полымя”), Шулюк Дзмітрый (паэт, празаік, нам. гал. рэдактара часопіса “Маладосць”).
 Алена Мальчэўская расказала прысутным пра часопіс “Полымя”, найстарэйшае літаратурнае выданне краіны, якое мае свае традыцыі і адкрыта для ўсіх пакаленняў, стыляў, плыняў. Уладзімір Мазго пазнаёміў гледачоў з часопісам “Нёман”, расказаў пра сябе, пра сваю творчасць, прачытаў вершы, у тым ліку тыя, якія пакладзены на музыку і гучаць у выкананні беларускіх эстрадных выканаўцаў. Сучасна і пранікнёна прагучалі вершы паэта Дзмітрыя Шулюка ў аўтарскім выкананні, які прадстаўляў часопіс “Маладосць”.
Загадчыца сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Палуйчык А.В. выказала словы падзякі прадстаўнікам Выдавецкага дома “Звязда” і пажадала далейшых творчых поспехаў. Напрыканцы сустрэчы пісьменнікі падарылі бібліятэцы кнігі з аўтографамі і пакінулі запісы ў Гасцявой кнізе.
- “Дзякуй за запрашэнне і сустрэчу. Поспехаў вашаму гораду, яго жыхарам, бібліятэцы і літаратуры. Спадзяюся, што яшчэ будзе магчымасць завітаць” - Дзмітрый Шулюк, нам. гал. рэдактара часопіса “Маладосць”.
- “Часопіс «Полымя» шчыра дзякуе за запрашэнне! Вельмі рады пабываць у Мастах і сустрэцца з чытачамі. Спадзяемся, што збудаваны сёння літаратурны мост будзе трывалым! З павагай і падзякай галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Алена Мальчэўская”.
- “Часопіс «Неман» і Масты яднае наша славутая беларуская рака. Давайце сябраваць і надалей!” - Уладзімір Мазго, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Неман”.
Затым сустрэча з пісьменнікамі працягнулася ў раённай дзіцячай бібліятэцы.