Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.02.2020

Вось якая цікавая гісторыя Правамастоўскай сярэдняй школы

Правамастоўскай сярэдняй школе спаўняецца 155 гадоў. Гісторыя наклала свой адбітак на яе развіццё.
Спачатку было народнае вучылішча
Гісторыя  школы пачалася з 60-ых гадоў 19 стагоддзя. Менавіта тады пасля адмены прыгоннага права і пад уціскам грамадскага руху  ў Расіі вымушаны былі правесці рэфармаванне ў галіне адукацыі. Тады і адкрылася на Мастоўшчыне народнае вучылішча ў 1865 годзе. Спачатку размяшчалася яно ў наёмным памяшканні, а затым на сродкі мясцовых жыхароў была пабудавана вучылішча, якое звонку нагадвала вясковую хату. Аб гэтым сведчаць запісы, зробленыя ў Цэнтральным гістарычным архіве ў  Мінску: “Мостовское народное училище, Мостовской волости открыто в 1865 году помещается в общественном доме. На содержание училища отпускается 200 руб. из государственного казначейства и от общества 133р.,учащихся 50 мальчиков. Учитель, Иван Калиновский, окончил курс в Свислочской учительской семинарии. Жалование 150 р. В службе с 1 сентября 1884 г .в должности с 1 сентября 1888 г. Законоучитель -вакансия.”
Навучальны год пачынаўся 2 кастрычніка і заканчваўся 18 красавіка. Гэта было звязана з занятасцю дзяцей у гаспадарках сваіх бацькоў.
Наступным этапам развіцця школы сталі 20-30 гады, калі пасля Рыжскага міру 1921 г. землі  Заходняй Беларусі адышлі да Польшчы. Школа ў той час мясцілася ў будынку, прызначаным для абслугоўваючага персаналу сядзібы памешчыка Аляксандра Азнабішыных.
Школа ўзбуйнялася некалькі разоў
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны на беразе  Нёмана,  у былой сядзібе Азнабішыных, размясціўся спецдзетдом для дзяцей-сірот, чые бацькі загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адначасова з ім у Мастах Правых адкрыла свае дзверы Правамастоўская сямігодка. Сюды за ведамі імкнуліся дзеці з вёсак Ельня, Масты Правыя, Масты Левыя, Навінка. Дырэктарам школы быў прызначаны Пётр Вайцахоўскі, затым - Васіль  Шляхтаў.
Колькасць вучняў у Правамастоўскай сямігодцы (з 1960 года васьмігодцы)  з кожным годам павялічвалася. Школьныя заняткі пачыналіся а восьмай гадзіне раніцы і завяршаліся познім вечарам. Класы былі перапоўнененымі. Таму ў пачатку 70-х гадоў было прынята рашэнне аб будаўніцтве новай школы са спартыўнай пляцоўкай, сталоўкай, майстэрняй і з цэнтральным ацяпленнем. Так у 1973 годзе з’явілася Правамастоўская васьмігадовая школа з утульнымі класнымі пакоямі, бібліятэкай і новым абсталяваннем. У хуткім часе яе узначаліў Міхаіл Мятлюк.
Прайшло амаль два дзесяцігоддзі. Стала зразумела, што ў адным з буйнейшых населеных пунктаў нашага раёна павінна быць свая  сярэдняя школа, бо дзеці з Правых і Левых Мастоў працягвалі вучыцца ў г. Масты. У  1993 годзе завяршылася будаўніцтва новай школы. Дырэктарам яе таксама працаваў Міхаіл Мятлюк.
У 2007 годзе пасля выхаду Міхаіла Пятровіча  на заслужаны адпачынак  дырэктарам  школы быў прызначаны Мікалай Ярац. Школу з залатым ці сярэбраным медалём закончыла нямала выпускнікоў, сярод якіх ёсць настаўніцкія дынастыі і якімі ганарыцца сёння не толькі гэтая ўстанова адукацыі, але і краіна. Сярод іх майстар спорту міжнароднага класа па веславанню на байдарках і каноэ, чэмпіён Беларусі і Еўропы, уладальнік  Кубка свету Алег Юрэня, прафесар і загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Станіслаў Баўтрукевіч, былы рэктар Акадэміі  МУС Беларусі Іван Сяргей, кіраўнік Упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па  Мінску і Мінскай вобласці Віктар Сяліцкі, старшыня Гродзенскага футбольнага клуба “Нёман” Іван Варсовіч і многія іншыя.
Новыя гарызонты
Дамiнантамi развiцця школы ў сучасны перыяд з’яўляюцца якасць адукацыi, iнавацыйная дзейнасць, канкурэнтаздольнасць вучняў школы. Большасць яе выпускнікоў становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Па выніках удзелу ў алімпіядах па прадметах і вучэбна-даследчых канферэнцыях i конкурсах  школа мае   17 абласных, 12 рэспубліканскіх і 3 міжнародных дыпломаў. Вучні школы атрымалі  Дыплом ІІІ ступенi на Х Мiжнародной молaдзeвaй навукова-практычнай канферэнцыi "Великая Отечественная война 1941-1945 годов в исторической памяти нaрода".  На ІІ Мiжнародным фестывалi прафесiйнага майстэрства педагогаў «Познание в сотворчестве» атрыманы дыплом III ступенi. Вучанiца школы стала ўладальнiкам кубка па  прафесiйнай фларыстыцы Рэспублiкi Беларусь, узнагароджана дыпломам I ступенi на II рэспублiканскiм чэмпiянаце па фларыстыцы сярод юнiёраў, яна ж узнагароджана дыпломам I ступені на міжнародным конкурсе фларыстычных школ у Маскве.
Тры вучні школы, выпускнікі 2016 года,  атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні  самы высокі бал – 100 – па грамадазнаўству, біялогіі i рускай мове.

У прыярытэце здароўе
Правамастоўская сярэдняя школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па фармiраваннi культуры здаровага ладу жыцця вучняў праз новыя формы выхаваўчай работы. Яго работа арганiзавана паралельна з рэалiзацыяй рэспублiканскага iнавацыйнага праекта «Укараненне мадэлi фармiравання рухальнай культуры суб'ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы».
Запар 13 гадоў школа займала I месца ў раённай спартакiядзе. Многія выпускнікі, як Алег Юрэня, Iван Варсовiч, Наталля Апалонiкава, Мікіта Арцішэўскі, сталі выдатнымі спартсменамі. У конкурсе “Герой нашага часу”, прысвечаным лепшым спартсменам-землякам, установа заняла II месца ў вобласцi.
         Школа ў год свайго 155-гадовага юбілею жыве актыўным, напружаным жыццём.
 Па матэрыялах сайта раённай газеты “Зара над Нёманам”