Афіцыйны сайт
15 кастрычніка 2018

Сагрэем душу цёплым словам

2 кастрычніка ў Мастоўскай раённай бібліятэцы адбылася чарговая творчая сустрэча з Дзмітрыем Радзівончыкам, паэтам, літаратуразнаўцам, членам Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, лаўрэатам 2-га абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі “Паэзія”. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня пажылых людзей. На ім прысутнічалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна”, актыўныя чытачы бібліятэкі, бібліятэкары.
Дзмітрый Радзівончык расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра станаўленне сябе як паэта, дэкламаваў вершы, прачытаў аўтарскае эсэ “Размова з Максімам”.
Паэтычныя радкі, прысвечаныя роднаму краю, прагучалі ў выкананні мясцовай паэткі, мастака-афарміцеля раённай бібліятэкі Галіны Васілеўскай.
У канцы сустрэчы ўсе жадаючыя маглі набыць кнігі Дз.Радзівончыка і атрымаць аўтограф паэта.
Была аформлена кніжная выстава “Гродзеншчына літаратурная”. Мерапрыемства прайшло ў шчырай і душэўнай абстаноўцы. А цяпло паэтычнага слова і кубак духмянай гарбаты сагравалі мастаўчан.