Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.01.2020

Касцёл Святой Тройцы в.Плябанаўцы - наша святыня, наша каштоўнасць, наша спадчына

Шаноўныя мастаўчане!

Адной з візітных карткаў Мастоўскага раёна з’яўляецца Свята-Троіцкі касцёл в.Плябанаўцы (аг.Струбніца), які пабудаваны ў 1740 годзе. Гэта архітэктурны помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока. 
З усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей Мастоўскага раёна Свята-Троіцкі касцёл адзіны мае катэгорыю “2” матырыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, з’яўляецца помнікам агульнарэспубліканскага значэння. 
Яго адметныя духоўныя, мастацкія і дакументальныя вартасці маюць нацыянальную значнасць. У склад помніка ўваходзяць яшчэ асобныя каштоўныя элементы дэкаратыўнага аздаблення інтэр’ера: тры алтары, роспіс, арган.
Варта звярнуць увагу на браму, якая знаходзіцца пры ўваходзе ў касцёл. На вялікі жаль, яна паступова разбураецца, ў апошні час гэта адбываецца вельмі хутка. І калі цяпер не прыняць пэўных дзеянняў, то аднавіць яе потым не будзе магчымасці.
Зараз у Свята-Троіцкім касцёле служыць неабыякавы святар, які таксама вельмі перажывае за тое, каб наша спадчына не згінула. Ім адкрыты ў Беларусбанку дабрачынны разліковы рахунак для правядзення рамонтных работ. 
Каб пачаць рамонтныя работы неабходна распрацаваць будаўнічы праект, які каштуе каля 3000 рублёў.
Кожны цывілізаваны і культурны народ павінен праяўляць клопат аб захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей ў інтарэсах цяперашняго і будучага пакаленняў. 
Звяртаемся да вас, паважаныя жыхары Мастоўскага раёна, давайце разам збярэм неабходную сумму і адновім святыню. Лёс нашай спадчыны ў нашых руках!
Разліковы рахунак касцёла Святой Тройцы аг. Струбніца Мастоўскага раёна: BY24AKBB31350000415084000000 БИК AKBBBY21400               УНН 500126714.

Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама