Афіцыйны сайт
23 кастрычніка 2018

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу!

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы публічны цэнтр прававой інфармацыі”, які ўпершыню праведзены ў 2018 годзе. Рашэннем пасяджэння журы ад 2 кастрычнiка 2018 года ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” заняла 3-е месца ў намінацыі “Лепшы ПЦПІ на базе цэнтральнай раённай (гарадской) бібліятэкі”.
Конкурс праводзіўся з мэтай умацавання ролі публічных бібліятэк у фарміраванні прававой культуры грамадзян, распаўсюджвання ідэй грамадзянскасці і патрыятызму, а таксама стымулявання творчай ініцыятывы работнікаў публічных цэнтраў прававой інфармацыі (ПЦПІ) у рамках іх прафесійнай дзейнасці.
Арганізатары конкурсу – Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў”, ГА “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”.
Конкурс праходзіў па наступных намінацыях:
 Лепшы ПЦПІ на базе абласной бібліятэкі;
 Лепшы ПЦПІ на базе цэнтральнай раённай (гарадской) бібліятэкі;
 Лепшы ПЦПІ на базе гарадской (гарпасялковай) бібліятэкі;
 Лепшы ПЦПІ на базе дзіцячай бібліятэкі;
 Лепшы ПЦПІ на базе сельскай бібліятэкі.
У конкурсе прынялі ўдзел дзяржаўныя публічныя бібліятэкі сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на базе якіх створаны і функцыянуюць публічныя цэнтры прававой інфармацыі (ПЦПІ).
На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь функцыянуе 603 ПЦПІ. З іх у конкурсе прынялі ўдзел 52 бібліятэкі: 4 абласныя, 4 цэнтральныя гарадскія, 26 цэнтральных раённых, 6 дзіцячых, 4 гарпасялковыя і 8 сельскіх. Па выніках пасяджэння журы прызавыя месцы атрымалі 15 бібліятэк (4 з Гродзенскай вобласці), 2 бібліятэкі былі адзначаны спецыяльнымі намінацыямі.