Афіцыйны сайт
4 верасня 2019

ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” на Дні беларускага пісьменства ў г.Слонім

1 верасня ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” прыняла ўдзел у рэспубліканскім свяце Дні беларускага пісьменства ў Слоніме, дзе арганізавала бібліятэчную пляцоўку “Кнігі будуюць МАСТЫ”.
Аматары кнігі і чытання пазнаёміліся з матэрыяламі кніжнай выставы “Мая любая Радзіма, мая Мастоўская зямля”, прысвечанай Году малой радзімы. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены кнігі, фатаграфіі, ілюстрацыі, матэрыялы даведачнага і фактаграфічнага характару аб дасягненнях, гістарычным мінулым, сучасным развіцці нашага раёна. Таксама на выставе былі прадстаўлены легенды і паданні аб паходжанні адной з самых прыгожых рэк нашай краіны – ракі Нёман, творы пісьменнікаў і паэтаў, якія апявалі раку Нёман у сваіх творах, а таксама буклеты, выдадзеныя раённай бібліятэкай. А фактаграфічная інфармацыя знаёміла з гісторыяй пяці мастоў, якія злучаюць дзве часткі нашага горада.
Асаблівую цікавасць і захапленне ў дзяцей і дарослых выклікаў макет самага доўгага падвяснога пешаходнага моста ў Беларусі, які з'яўляецца візітнай карткай горада Масты.
Увазе дзяцей і іх бацькоў была прадстаўлена выстава “Самая кніга самая”, на якой дэманстраваліся: самая мудрая, самая смешная, самая непрамакальная, самая арыгінальная і іншыя кнігі. Выклікала цікавасць часопісна-газетная карусель “Пачытай мяне” з дзіцячай перыёдыкай.
У рамках акцыі “Вершы ў падарунак” бібліятэкары ў футболках з лагатыпам “Я люблю чытаць!” дарылі гасцям свята паштоўкі з вершамі пра кнігу, кнігадрукаванне, першадрукароў.
Дзякуючы кніжнай яблыньцы “Раім прачытаць беларускія кнігі”, кожны жадаючы сарваўшы з дрэва “наліўны яблычак”, змог атрымаць рэкамендацыю да прачытання якой-небудзь кнігі беларускага аўтара.
У Дзень беларускага пісьменства бібліятэкары прапаноўвалі наведвальнікам пляцоўкі напісаць на глінянай таблічцы ўпадабаны іерогліф.
З дапамогай “Літаратурнага растамера «Метр з кніжкай!»” дзеці вымяралі свой рост у кнігах і змаглі атрымаць да прачытання рэкамендацыйны спіс літаратуры.
Шмат станоўчых эмоцый атрымалі малышы і іх бацькі, наведаўшы дзіцячую гульнёвую зону “Пачытаем, пагуляем – час з карысцю правядзем!”. Тут дзеці гарталі кніжкі-цацкі, дзіцячыя часопісы, гулялі ў дзіцячыя настольныя гульні, малявалі і інш.
Усе жадаючыя змаглі паспрабаваць свае сілы ў настольным футболе і аэрахакея. З дапамогай аквагрыма дзеці акунуліся ў казачны свет пераўвасабленняў і адчулі сябе ў ролі любімага героя.