Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.09.2021

Чаму для мастаўчан важны Дзень народнага адзінства

 Настасся ПАЛУЙЧЫК,

загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама:

– Дзень народнага адзінства дазваляе ўсвядоміць сябе адзіным народам з гістарычным мінулым і агульным лёсам, незалежна ад таго, нарадзіўся ты ў Мастах або ў Мінску, у горадзе ці вёсцы. Важна тое, што Радзіму трэба ведаць і любіць, бо яна ў нас адна. Нашы прадзеды вучылі берагчы мір. Дзень народнага адзінства  для мяне – гэта перш за ўсё дзень талерантнасці, міру і згоды. Лічу, што гэтае свята заклікана аб'яднаць самых розных людзей, нагадаць ім аб сіле і векавой мудрасці беларускага народа. Тэрмін "народнае адзінства" – гэта непадзельнасць і згуртаванасць грамадзян нашай рэспублікі. А дзень 17 верасня аб'яднае нас для захавання мірнага неба над галавой.

 






Аляксей ХАЛОПІК,

старшы інструктар сектара спорту і турызму райвыканкама:

– Многія, хто бываў на Украіне, кажуць, што ўкраінец з заходніх абласцей менталітэтам адрозніваецца ад украінца з усходу. Адна з прычын гэтага адрознення заключаецца ў тым, што землі сучаснай Украіны больш за 100 гадоў былі падзелены паміж дзвюма дзяржавамі, Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі. Роўна 100 гадоў таму, у 1921 годзе, адзіныя зямлі Беларусі таксама былі падзелены паміж Рэспублікай Польшча і Савецкай Расіяй. Гэтыя дзяржавы адрозніваліся сваім палітычным, грамадскім і эканамічным укладам. А значыць і мы, беларусы, маглі паўтарыць лёс украінцаў. Варта прызнаць, што верасень 1939 года – гэта дата пачатку Другой сусветнай вайны, самай страшнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Але для нас, беларусаў, гэта і знакавая дата, калі мы былі сабраны ў адной дзяржаве, што дазваляе ў нашы дні адчуваць сябе адзіным  народам.